Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады, заклікаў іх без панікі будаваць сваю работу ў сувязі з сітуацыяй з каранавірусам, перадае карэспандэнт БелТА.
«Выклікаў вельмі шмат. Вы бачыце: свет страціў розум ад каранавіруса або, можа, на аснове гэтых усіх разважанняў па каранавірусе. Але для нас не гэта галоўнае і страшнае. Мы гэтыя вірусы перажывалі, перажывём і гэты. Былі і больш складаныя вірусы: і свіны, і птушыны, і атыповая пнеўманія. Потым ахкалі і войкалі, адкуль гэта з’явілася: вось, бачыце, сродкі масавай інфармацыі вінаватыя, што яны вельмі шырока і не так асвятлялі праблемы. Напэўна, і на гэты раз сродкі масавай інфармацыі абвінавацяць праз месяц-другі. Хоць і да іх прэтэнзій нямала», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Прэзідэнта, у Беларусі адэкватна рэагуюць на пагрозы. Медыкі ўжо даўно прымаюць кропкавыя меры, і самі беларусы ў цэлым адэкватна рэагуюць на сітуацыю, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. «Беларусы проста малайцы. За выключэннем аднаго выпадку: не бегайце па аптэках і не скупляйце маскі, спецадзенне або якія-небудзь лякарствы», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Пасля таго, як у краіне рэзка ўзрос попыт на медыцынскія маскі, айчынныя прадпрыемствы былі арыентаваны на павелічэнне аб’ёмаў іх вытворчасці. Як расказаў Прэзідэнт, аб сітуацыі, якая складваецца ў Беларусі, яму дакладваў прэм’ер-міністр. Аказалася, што цяпер няма куды дзяваць выпушчаную прадукцыю. «Пашылі – дзяваць няма куды. Лёгкая прамысловасць патрабуе: аплаціце нам. А ахова здароўя гаворыць: нам столькі не трэба, нам няма куды дзяваць. Праўда, я яму сказаў, што трэба разварочвацца: у Германіі не хапае спецадзення, масак. Трэба прадаць іх, калі на іх ёсць попыт», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, акрамя Мінска і буйных гарадоў, сітуацыя з каранавірусам не такая праблема для раёнаў і раённых цэнтраў. «Самая вялікая для нас (не праблема, а адказнасць) – гэта эканоміка. На жаль, усе гэтыя рухі ў напрамку каранавіруса вельмі рэзка паўплывалі на эканоміку. Дайшло да таго, што наша родная Расія – падкрэсліваю – закрыла граніцу з Беларуссю», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У той жа час ён канстатаваў, што ў Беларусі адносна спакойная абстаноўка, а «Расія ўся палае ад каранавіруса». «Дык хто ад каго павінен закрывацца. Пытанне рытарычнае», – дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў мясцовыя органы ўлады без усякай панікі працаваць з людзьмі, нагадваючы ім аб мерах перасцярогі.
Источник:
© 2012 - 2020 Мстиславль info, All rights reserved.
Контакты для связи: mail@tcse-cms.com